ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,

вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.​Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.​Гілевіч («Нарач»), Х.​Жычка («Абеліск»), А.​Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.​Сіпакоў («Жанчына») і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)